ТУ́ЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Нас. 1740,7 тыс. чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г. Тула. Найб. гарады: Новамаскоўск, Алексін, Шчокіна, Вузлавая, Яфрэмаў.

Займае паўн. ч. Сярэднярускага ўзв. Паверхня — хвалістая эразійная раўніна. Выш. да 293 м. Карысныя выкапні: буры вугаль (частка Падмаскоўнага вугальнага басейна), жал. руда, фасфарыты, серны калчадан, гіпс, каменная соль, буд. матэрыялы; мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 19—20 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рэкі: Ака з прытокамі Упа, Асётр; верхняе цячэнне Дона. Глебы на ПнЗ дзярнова-падзолістыя, у цэнтры шэрыя лясныя, на Пд чарназёмныя. Пад лесам каля 14% тэр. На Пн і ПнЗ — мяшаныя лясы (дуб, бяроза, асіна, хвоя), на Пд — шыракалістыя (дуб, ясень, клён), т. зв. Тульскія засекі.

Т.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавой прадукцыі на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 36,7%, сельскай гаспадаркі 12,2%, сферы паслуг 51,1%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1999): хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы, хім. валокны і ніткі, гумаватэхн. вырабы, тавары быт. хіміі) — 25,1%, чорная металургія — 22,5%, маш.-буд. і металаапрацоўка (маставыя краны, горна-шахтавае абсталяванне, абаронная прадукцыя, с.-г. машыны, матацыклы, матаролеры, веласіпеды, самавары, пыласосы і інш.) — 16,5%, харч. (мяса-малочная, мукамольная, спіртавая, цукр., кандытарская, у т. л. выраб пернікаў) — 15%. Вытв-сць электраэнергіі 7 млрд. кВт∙гадз (1999). Новамаскоўская, Чэрапецкая, Шчокінская ДРЭС, Алексінская, Наватульская ЦЭЦ. Здабыча бурага вугалю. Развіты лёгкая (трыкат., швейная, абутковая), лясная і дрэваапр. прам-сць, вытв-сць муз. інструментаў (баяны, гармонікі, электраінструменты), прам-сць буд. матэрыялаў (вогнетрывалая цэгла для металургіі, керамічныя трубы, абліцовачная плітка і інш.). Нар. маст. промыслы — карункапляценне (г. Бялёў) і выраб размаляваных гліняных цацак (с. Філімонава). Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1,9 млн. га, у т. л. пад пасяўнымі пл. 1 млн. га. Пераважаюць пасевы збожжавых культур (пшаніца, жыта, грэчка); вырошчваюць кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, агародніну. Пладаводства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1103 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5076 км (2000). Гал. чыг. вузлы — Тула, Вузлавая. Аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Суднаходства па р. Ака (ад г. Алексін). Бальнеагразевы курорт Краінка. У Т.в. музеі-сядзібы Л.​М.​Талстога ў Яснай Паляне і В.​Дз.​Паленава ў с. Паленава.

т. 16, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)